Адраджэнне старажытнага рамяства на «Музейных сустрэчах»

«Музейныя сустрэчы» — сацыяльна-культурны праект міжведамаснага ўзаемадзеяння аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам. У рамках праекта ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я прайшоў майстар-клас, дзе прадстаўнікі старэйшага пакалення вучыліся мастацтву набіванкі — традыцыйнай тэхніцы ўпрыгожвання тканіны.

Спачатку ўдзельнікі майстар-класа наведалі куратарскую экскурсію «Стылістыка традыцыйнай набіванкі» па выставе «Набіванка: традыцыя і сучаснасць», якая арганізавана ў рамках аўтарскага праекта «Полацкая набіванка», падтрыманага грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры. А потым пачалася творчасць… Кожны на пэўны час стаў майстрам-набойшчыкам: штамп акунаў у фарбу і акуратна наносіў адбітак на тканіну. Засяроджаныя твары прысутных паступова асвятляліся ўсмешкамі, бо на белым палатне з’яўляўся ўнікальны ўзор.

Майстар-клас прайшоў ва ўтульнай і добразычлівай атмасферы. Удзельнікі сыходзілі з музея ў добрым настроі і з сувенірамі, якія зрабілі самі. На такіх мерапрыемствах ажывае гісторыя, з’яўляюцца новыя ўражанні, а творчасць не мае ўзроставых межаў.

16